МІ́НСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў 1803—1918. Адкрыта на месцы Мінскай губ. школы (створана ў 1773 з Мінскага езуіцкага калегіума). Напачатку 6-класная, з 1804 7-класная. З 1833 выпускнікі гімназіі атрымалі права на 14-ы чын (пры ўмове добрага ведання рус. мовы і славеснасці). У 1834 атрымала агульнаімперскі статут 1828. У 1863 і 1871 рэарганізоўвалася. У пач. 20 ст. ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і ахвяраванняў. Выкладаліся: рус. мова і славеснасць, латынь, ням. і франц. мовы, гісторыя, філасофія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка і інш. Сярод выхаванцаў Я.Лучына і Ядвігін Ш. Выкладчыкі — выпускнікі ун-таў, духоўных акадэміі і семінарыі, настаўніцкіх ін-таў, кансерваторыі. Пры гімназіі дзейнічала царква, царк. і свецкі хары, змешаны і духавы аркестры, фіз., прыродазнаўчы і мінералагічны кабінеты (у 1842—62 дзейнічаў шляхетны пансіён). У 1915—690 навучэнцаў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Маскву.
Літ.:
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.
А.Ф.Самусік.
т. 10, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)